АПЕРА́ТАРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчасці ў кінематаграфіі і на тэлебачанні, майстэрства сродкамі кіназдымкі рэалізаваць ідэі літаратурнага сцэнарыя і творчай задумы рэжысёра.

Узнікла і развілося са станаўленнем кінамастацтва. Першыя здымкі ажыццявілі ў Францыі ў 1895 браты Люм’ер. З развіццём кінематографа фарміраваліся і выяўл. сродкі аператарскага мастацтва: кампазіцыя кадра, прасторы, асвятленне, ракурс, прыёмы дынамічнай здымкі, аптычны малюнак кадра, святлотанальнае і колеравае вырашэнне эпізодаў. Значныя работы з’явіліся ў Італіі, ЗША, Германіі, Швецыі, Даніі. У 1920-я г. фарміравалася сав. школа аператарскага мастацтва (Э.Цісэ, А.Галаўня, А.Масквін, Д.​Дэмуцкі і інш.). У 1920—30-я г. ў стварэнні цэласнага выяўл. вобраза фільма вызначыліся франц. аператары Ж.​Перыналь, Р.​Матэ, Б.​Каўфман, амер. Дж.​Арналд, Б.​Рэйналдс, Х.​Расан; у распрацоўцы і выкарыстанні колеру ў кіно — амер. аператар Р.​Рэнахен, сав. аператар Ф.​Правораў.

У 1930-я г. са з’яўленнем гуку кінааператары асвойвалі новыя маст.-творчыя тэхналогіі і формы выяўл. арганізацыі матэрыялу. Павялічылася ўвага да псіхал. партрэтных характарыстык персанажаў. У 1940—60-я г. стылістыка майстроў зах. кінематографа выявілася ў творчай практыцы неарэалізму. Аператары франц. «новай хвалі» выкарыстоўвалі здымкі рухомай камерай у натуральным асяроддзі, імправізаваную кампазіцыю кадра. На аснове новай тэхнікі, матэрыялаў і тэхналогій 1960—90-х г. пашырылася фарміраванне індывід. стыляў у аператарскім мастацтве. Сярод найб. вядомых майстроў: Г.​Толанд, Х.​Уэкслер, Л.​Ковач, Дж.​Тэйлар (ЗША), Ю.​Стрындберг, С.​Нюквіст (Швецыя), Э.​Рышар, Н.​Альмендрас, П.​Глен (Францыя), В.​Старара, Т.​Дэлі Колі, Дж.​Ратуна, П. дэ Сантыс, Л.​Таволі (Італія), Дж.​Олкат, Дж.​Ансварт, Д.​Слокам (Вялікабрытанія), Л.​Ахвледзіяні, А.​Булінскі, К.​Кыдыраліеў, П.​Лебешаў, Р.​Масальскі, М.​Мусаеў, В.​Нікалаеў, Л.​Пааташвілі, М.​Піліхіна, Г.​Рэрберг, Ю.​Сіларт, С.​Урусеўскі, Х.​Файзіеў, В.​Юсаў (СССР).

На Беларусі першыя маст. фільмы ў 1920—30-я г. здымалі аператары Д.​Шлюглейт («Лясная быль»), М.​Казлоўскі («Хвоі гамоняць»), Н.​Навумаў-Страж («Жанчына»), А.​Кальцаты («Першы ўзвод»), Б.​Рабаў («Двойчы народжаны»). Сталым аператарскім мастацтвам вызначаюцца лепшыя фільмы канца 1940—50-х г., якія знялі А.​Булінскі («Дзеці партызана»), А.​Гінцбург («Канстанцін Заслонаў»), Г.​Удавянкоў («Міколка-паравоз»), У.​Акуліч («Гадзіннік спыніўся апоўначы»), А.​Аўдзееў і І.​Пікман («Дзяўчынка шукае бацьку»). Выкарыстанне з сярэдзіны 1950-х г. шырокіх і шырокафарматных экранаў павялічыла выяўл. магчымасці аператарскага мастацтва. У 1960—80-я г. аператарскае мастацтва бел. майстроў вызначалі паэт. светаадчуванне (А.​Забалоцкі — «Праз могілкі», «Альпійская балада»), псіхалагізм і выразнасць кампазіцыі (Ю.​Марухін — «Магіла льва», «Паводка»), тонкае адчуванне прыроды (Дз.​Зайцаў — «Рудабельская рэспубліка», «Людзі на балоце»), дакладнае адчуванне колеру (Э.​Садрыеў — «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», «Хлеб пахне порахам»), дынамізм і лірызм (Т.​Логінава — «Вянок санетаў», «Дзікае паляванне караля Стаха»), завершанасць кампазіцыйных рашэнняў (Ю.​Ялхоў — «Раскіданае гняздо», «Франка — жонка Хама»).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)